Раздзел 9. Арфаграфія
Тэма 9.1. Арфаграфія як раздзел мовазнаўства
Арфаграфія (ад. грэч. правільны і пісаць) – 1) гістарычна складзеная і агульнапрынятая сістэма правілаў мовы, якія вызначаюць спосабы напісання слоў, г.зн. спосабы перадачы маўлення на пісьме; 2) раздзел мовазнаўства, які вывучае і распрацоўвае сістэму правілаў, якія забяспечваюць нарматыўнасць напісанняў.
Арфаграфія нароўні з пунктуацыяй складае правапіс пэўнай мовы. Арфаграфія ахоплівае наступныя нормы напісання:
– абазначэнне гукаў (фанем) літарамі,
– напісанне слоў разам, асобна і праз злучок,
– напісанне слоў іншамоўнага паходжання,
– выкарыстанне загалоўнай або малой літары,
– напісанне прэфіксаў, суфіксаў і канчаткаў слоў,
– выкарыстанне апострафа і іншых нялітарных графічных знакаў,
–перанос часткі слова з радка ў радок,
– скарачэнне слова.
Напісанне у беларускай мове вызначаюцца арфаграфічнымі правіламі – кароткімі выразнымі рэкамендацыямі па перадачы вуснай мовы на пісьме.
Арфаграфічныя правілы пэўнай мовы павінны быць адзіныя для ўсіх, хто карыстаецца гэтай мовай. Стабільнасць, адзінства і абавязковасць арфаграфічных правілаў палягчае зносіны людзей з дапамогай пісьмовай літаратурнай мовы, робіць яго больш эфектыўным.
Асноўнае паняцце арфаграфіі – арфаграма (ад грэч. правільны і літара) – правільнае напісанне, якое выбіраецца з некалькіх магчымых і грунтуецца на правіле, замацаваным у сістэме арфаграфіі. Так, напрыклад, аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова выклікае цяжкасці ў напісанні, узнікае пытанне, якую менавіта літару напісаць у адпаведным слове, напрыклад, малацьба ці маладзьба. Толькі веданне правілаў арфаграфіі дапаможа пазбегнуць памылкі. Калі ж варыянтаў напісання няма, то і арфаграм няма. Так, у словах каза, ранак арфаграм няма, паколькі змена літары прадвызначае змяненне значэння слова – каса, ганак.
Арфаграфія, або правапіс, – гэта сістэма правіл, якімі кіруюцца пры перадачы вуснай мовы на пісьме. Само слова «арфаграфія» прыйшло ў беларускую мову з грэчаскай (грэч. orthographia ад orthós правільны i graphõ пішу).
Арфаграфія цесна звязана з графікай. Графіка дазваляе напісаць і грып, і грыб, а арфаграфія выбірае адзін з варыянтаў напісання, якія дапускаюцца графікай: адно напісанне для абазначэння хваробы (грып), другое – для абазначэння ніжэйшай расліны (грыб).
Арфаграфія вызначае правілы перадачы на пісьме гукавога складу асобнага слова ці значымых частак слова (кораня, прыстаўкі, суфікса, канчатка). Гэта адна з важнейшых задач арфаграфіі, яе вырашэнне найбольш цесна звязана з нацыянальнай спецыфікай мовы. Нават у блізкароднасных мовах, такіх, як руская і беларуская, гукавы склад асобнага слова перадаецца па-рознаму (параўнайце рускае вода і беларускае вада, тишина і цішыня).
Арфаграфія ўстанаўлівае правілы ўжывання вялікай і малой літары, рэгламентуе правілы злітнага, паўзлітнага (праз дэфіс, або злучок) i раздзельнага напісання слоў (затое і за тое, па вашаму загаду i хай будзе па-вашаму).
Нарэшце, арфаграфія ўпарадкоўвае правілы пераносу слоў. У функцыі арфаграфіі ўваходзіць і выпрацоўка правіл напісання абрэвіятур і розных агульнапрынятых умоўных графічных скарачэнняў.
Перадача на пісьме гукавога складу асобнага слова можа ажыццяўляцца дваякім шляхам: можна імкнуцца захаваць асаблівасці вымаўлення і пісаць “як чуеш”, а можна захоўваць нязменнымі асобныя марфалагічныя часткі слова (прыстаўку, корань, суфікс і інш.), не зважаючы на тое, што, напрыклад, адна і тая ж прыстаўка ў розных словах вымаўляецца па-рознаму (прыстаўка ад-: у слове адкуль мы вымаўляем як ат-, у слове аднекуль, як ад-, але пішам яе заўсёды аднолькава: ад-). У адпаведнасці з гэтым адрозніваюцца 2 асноўныя прынцыпы арфаграфіі – фанетычны і марфалагічны; сустракаюцца таксама правапісныя нормы, замацаваныя традыцыямі. Сучасны беларускі правапіс грунтуецца на рацыянальным спалучэнні фанетычнага і марфалагічнага прынцыпаў. На фанетычным будуюцца, у прыватнасці, правілы напісання каранёвых галосных о, э – а і е, ё – я (стол – сталы, рэкі - рака, снег - снягі, вёска –вясковы), а на марфалагічным - правілы напісання звонкіх і глухіх зычных у корані слова (сад, у садку; пераказ, казка, колас, каласкі) i некаторыя іншыя правілы.
У сучаснай беларускай мове сустракаюцца таксама традыцыйныя і дыферэнцыйныя напісанні. Т р а д ы ц ы й н ы я – гэта напісанні, якія захоўваюцца па традыцыі, напрыклад, напісанне з вялікай літары кожнага новага вершаванага радка. Д ы ф ер э н ц ы й н ы я напісанні служаць для адрознення аднолькавых паводле гучання слоў, у асноўным уласных і агульных назоўнікаў: колас і Колас (Якуб Колас), гарадок і Гарадок (назва населенага пункта), а таксама для размежавання канчаткаў творнага склону аднолькавых паводле гучання прозвішчаў і геаграфічных назваў: ішоўз Петрыкавым (Барысавым) і пад горадам Петрыкавам (Барысавам) [1, с. 42].
У рускай арфаграфіі традыцыйныя і дыферэнцыраваныя напісанні прадстаўлены шырэй.
Традыцыйны прынцып заключаецца ў тым, што прызнаецца правільным напісанне, замацаванае традыцыяй. Гэта, напрыклад, напісанне рускіх і запазычаных слоў з неправяраельнымі галоснымі, неправяральнымі, падвоенымі зычнымі ў корані: собака, топор, вокзал, футбол, здоровье, аллея і інш. Дыферэнцыраваны прынцып напісання рэалізуецца ў сітуацыях, калі сродкамі арфаграфіі неабходна размежаваць словы, якія аднолькава гучаць: балл (адзнака) и бал ( танцавальны вечар), ожёг (дзеяслоў) и ожог (назоўнік), плачь (дзеяслоў) и плач (назоўнік), туш (назоўнік мужчынскага роду) и тушь ( назоўнік жаночага роду) [9, с. 47].
Арфаграфічныя нормы – гэта выбар аднаго з магчымых варыянтаў напісання слова ці яго часткі, што адпавядае прынцыпам беларускай арфаграфіі, а таксама замацаванай у моўнай практыцы грамадства традыцыі. Так, графіка дазваляе напісаць гарадскі, гаратскі і гарацкі, не мог, ня мог і нямог. Але толькі першы з кожных трох варыянтаў лічыцца нарматыўным. Выбар іншага варыянта вядзе да арфаграфічнай памылкі.
Арфаграфічныя нормы і памылкі рэгулююцца арфаграфічнымі правіламі.